ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
ВІТАУТ
Вялікі Князь Вітаўт (Аляксандр у хрышчэнні)
Вітаўт - вялікі князь Беларуска-Літоўскай дзяржавы (фактычна з 1392, фармальна з 1401 па 1430 год), сын Кейстута, стрыечны брат Ягайлы. З маладых гадоў удзельнічаў у войнах супраць Маскоўскага вялікага княства і Тэўтонскага Ордэна. З 1376 г. - гарадзенскі князь.
Пачатак праўлення.
Узiмку 1389-90 г. незадаволены становiшчам служылага князя Вiтаўт скарыстаў апазiцыйнасць баяраў Лiтвы i Русi ды паўстаў супраць Ягайлавай улады. 4 жнiўня 1392 года ў Востраве, што на Гарадзеншчыне, было падпiсана пагадненне, на падставе якога ўлада ў Вялiкiм Княстве пажыццёва перадавалася Вiтаўту. Як адзначыў мясцовы летапiсец, укняжанню Вiтаўта «рада была ўся зямля Лiтоўская i Руская». Пагадненне 1392 г. давала дзяржаве пэўную самастойнасць. Яно стала першым юрыдычна-прававым крокам на шляху да аднаўлення дзяржаўнага суверэнiтэту Вялiкага Княства Лiтоўскага.
Умацаванне дзяржавы.
Атрымаўшы вялiкакняскую ўладу, Вiтаўт заняўся ўмацаваннем дзяржавы знутры i выкараненнем сепаратызму, бо за час яго барацьбы з Ягайлам многiя землi паспелi аддзялiцца. Лiквiдуючы або замяняючы князёў найбольш аўтаномных удзелаў (Кiева, Уладзiмiра-Валынскага, Ноўгарада-Северскага, Падолля i iнш.), Вiтаўт зрабiў важны крок да палiтычнай цэнтралiзацыi дзяржавы, да ўмацавання сваёй улады. Ён садзiў сваiх намеснiкаў або зводзiў да статуса намеснiкаў спадчынных уладальнiкаў вялiкiх удзелаў, i цяпер яны залежалi ад яго намнога больш, чым князi.
Бітва на рацэ Ворскла.
Згодна з летапiсамi, Вiтаўт рыхтаваў вялiкi паход супраць татарскай арды. Прыняўшы разбiтага Цiмурам хана Тахтамыша i пасялiўшы яго ў Лiдскiм замку, вялiкi князь хацеў вярнуць яму Сарай, каб потым мець ад хана падтрымку ў сваёй усходняй палiтыцы. Аднак 12 жнiўня ў бiтве каля ракі Ворсклы татары хана Цiмур-Кутлука i Эдыгея дазвання разграмiлi сiлы Вiтаўта, а сам ён уцёк з невялiкай дружынай. Адных князёў загiнулi дзесяткi, у тым лiку Альгердавы сыны героі Кулікоўскай бітвы Андрэй Полацкi i Дзмiтры Бранскі.
Адносіны з Масквой.
Выкарыстоўваючы замацаваны дынастычным шлюбам саюз з Масквою, Вiтаўт працягваў пашыраць свой уплыў на ўсходнiя славянскiя землi, дзе пасля Ворсклы яго пазiцыi пахiснулiся. Вялiкi князь маскоўскi Васiль Дзмiтрыевiч быў яго зяцем i не выступаў супраць Вiтаўтавай палiтыкi на ўсходзе.
Вайна з Тэўтонскім Ордэнам. Грунвальдская перамога.
Пасля ўрэгулявання дачыненняў з Маскоўскай дзяржавай, Ноўгарадам i Псковам стала магчымым пачаць барацьбу з Тэўтонскiм ордэнам.
Распрацаваўшы план супольнай вайны, Вітаўт і Ягайла на пачатку лiпеня 1410 г. прывялi свае злучаныя сiлы на тэрыторыю Прусii для генеральнай бiтвы з Прускім ордэнам. Бiтва адбылася 15 лiпеня каля прускiх вёсак Танэнберг ды Грунвальд (у беларускiх летапiсах -- каля Дуброўны). «Пры нацiску аддзелаў ад пераломваных дзiдаў i ўзаемных удараў зброi сыходзiў такi вялiкi грукат i гук, такi далёкасяжны быў ляскат мечаў, быццам звалiлася якая агромнiстая скала, так што чулi яго нават тыя, хто быў аддалены на некалькi мiляў», -- пiсаў пра сечу польскi хранiст Ян Длугаш.
Бітва, якая ўвайшла ў гісторыю як адна з найбуйнейшых у сярэднявечнай Еўропе, скончылася поўным разгромам ордэнскага войска.
Гарадзельская ўнія.
Акт новай унii быў прыняты ў кастрычнiку 1413 г. на з'ездзе польскiх i лiтоўскiх паноў i баяр у Горадлi над Бугам. Ён прызнаваў, што як дзяржава Вялiкае Княства Лiтоўскае захавае сваю асобнасць i пасля смерцi Вiтаўта. Лiтоўскiя баяры абавязвалiся не выбiраць нiкога вялiкiм князем без згоды Ягайлы, а польскiя -- не выбiраць новага караля без узгаднення з вялiкiм князем лiтоўскiм. Лiтоўскае баярства атрымала прывiлей, якi гарантаваў яму права распараджацца сваёй зямлёй, атрыманай ад бацькоў, i публічныя свабоды. У мэтах зблiжэння з Польшчай заможныя баярскія роды Лiтвы былi дапушчаны (адаптаваны) да польскiх шляхецкiх гербаў.
Канфесійнае пытанне.
Каб нейтралiзаваць знешні ўплыў мiтрапольнага цэнтра, якi знаходзiўся ў Маскве, Вiтаўт iмкнуўся стварыць уласную праваслаўную iерархiю, планаваў аб'яднаць грэцкую царкву з рымскай. Аднак рашэнне аб уніі так і не было прынята.
Поспехі і дасягненні ў знешняй палітыцы.
У 1420-х г. вялiкi князь Вiтаўт дамогся найбольшых знешнепалiтычных поспехаў. У арбіце яго ўплываў знаходзіліся Крымская i Заволжская арда, Маскоўскае княства (маскоўскi князь у 1426 г. нават даручыў яму апекавацца сваiм непаўналетнiм сынам Васiлём, якi даводзiўся ўнукам Вiтаўту), Пскоў i Ноўгарад. Цвярскiя i разанскiя Рурыкавiчы ўступiлi ў саюз з манархам магутнай балта-славянскай дзяржавы, заключыўшы з iм, як i князi вярхоўскiя, дамову аб службовых адносiнах i паабяцаўшы быць «з iм заадно». Мяжа памiж залежнымi ад Вiльнi княствамi i землямi, падкантрольнымi Маскве, пралягала тады па рацэ Угры.
Спроба каранацыі.
Дасягнуўшы такой магутнасцi, Вiтаўт паспрабаваў вырашыць пытанне аб сваёй гегемонii ў Усходняй Еўропе. Для гэтага трэба было разарваць акты 1386 i 1413 г., якiя звязвалi Вялiкае Княства з Польшчай, i стварыць незалежнае каралеўства з Лiтвы i Русi. Імператар Святой Рымскай iмперыi яшчэ перад Грунвальдскай бітвай абяцаў яму карону. Наданне вялікаму князю тытула караля ўключыла б Вітаўта на роўных правах у сям'ю хрысціянскіх манархаў Еўропы, а яго дзяржава стала б незалежным каралеўствам. На жнiвень 1430 г. быў склiканы мiжнародны з'езд у Вiльнi, на якiм i мела адбыцца каранацыя старога князя. Але iмператарскiя паслы, што везлi карону, былi затрыманы ў Польшчы. Каранацыю адклалi на 8 верасня, але i на той дзень паслы не з'явiлiся. 27 кастрычнiка ў Троках Вiтаўт памёр, так i не паспеўшы каранавацца.
ВКЛ пры Вітаўце
За Вітаўтам Вялікае Княства Літоўскае дасягнула найбольшай магутнасці і памераў: ад Пскоўскай мяжы да Чорнага мора і ад Акі і Курску да Галіцыі. У часы княжання Вітаўта самакіраванне паводле Магдэбурскага права атрымалі Бярэсце (1390) і Гардня (1391, няпоўнае).