Максім Багдановіч

1891 - 1917

Максім Багдановіч – класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў нацыянальнай мастацкай літаратуры, паэт, празаік, гісторык літаратуры і літаратурны крытык, публіцыст, перакладчык.

1.

Багдановіч Максім Адамавіч (1891 – 1917) – класік беларускай літаратуры, геніяльны паэт (аўтар пейзажнай, любоўнай, сацыяльна-філасофскай, грамадзянскай паэзіі), празаік, эсэіст, перакладчык, літаратурны крытык і публіцыст.


Максім Багдановіч нарадзіўся 9 снежня (27 лістапада ст. ст.) 1891 г. у Мінску, у сям’і настаўніка Адама Ягоравіча Багдановіча і яго жонкі Марыі Апанасаўны. У чэрвені 1892 г. сям’я Багдановічаў пераязджае ў Гродна, дзе Адам Ягоравіч атрымаў працу ў Сялянскім Пазямельным банку. 4 кастрычніка 1896 г. Марыя Апанасаўна памірае ад сухотаў, пасля чаго сям’я Багдановічаў пераязджае ў Ніжні Ноўгарад. У 1902 годзе Максім паступае вучыцца ў першы клас Ніжагародскай мужчынскай гімназіі.

У 10-11 гадоў пачынае пісаць вершы па-беларуску. 6 чэрвеня 1907 года ў газеце «Наша Ніва» публікуюць першае апавяданне М.Багдановіча «Музыка». У 1909 годзе ў гэтай газеце публікуюць першыя вершы паэта.

***

У 1911 г. пасля заканчэння гімназіі Максім Багдановіч прыязджае на Беларусь. Ён наведвае Вільню (Вільнюс), лета праводзіць у в.Ракуцёўшчына пад Маладзечна. У гэтым годзе паступае вучыцца ў Яраслаўскі юрыдычны ліцэй. У 1912 г. у газеце «Наша Ніва» публікуецца цыкл яго вершаў аб гісторыі Беларусі.

Яраслаўскі перыяд

У той перыяд былі напісаныя вершаваныя лірычныя апавяданні «Ў вёсцы» і «Вэроніка». Абодва — даніна захапленню паэта жанчынай. Паэтычнае апісанне глыбокіх пачуццяў жанчыны да дзіцяці, уласцівых нават маленькай дзяўчынцы — ідэйная задума твору «Ў вёсцы». Фабула «Вэронікі» — успамін пра дзяўчынку, якая непрыкметна для аўтара, «ў красе свае вясны» вырасла, абудзіўшы ў душы паэта першае каханне, а з ім — цягу да ідэальнага, прыгожага, да паэзіі. Музай для Максіма Багдановіча паслужыла Ганна Какуева, сястра яго аднакласніка, таленавітая піяністка.
Яков Науменко - Зорка Венера

2.

У 1913 г. (па сведчанні В.Ластоўскага – у 1914 г.) у Вільні, у друкарні Марціна Кухты выдаецца зборнік вершаў М.Багдановіча «Вянок» – адзіная яго прыжыццёвая кніга паэтычных твораў.


У 1914-1916 гг. працягвае актыўна займацца паэтычнай творчасцю, напісаннем артыкулаў, перакладамі. Выданы брашуры М.Багдановіча: «Братья - чехи», «Угорская Русь», «Червонная Русь».

Песняры - Слуцкія ткачыхі (1992)

Мінск

У кастрычніку 1916 г., пасля заканчэння юрыдычнага ліцэя, вяртаецца на Беларусь, у Мінск, дзе ўладкоўваецца на працу ў губернскі харчовы камітэт. Прымае актыўны ўдзел у рабоце Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны.


У гэты час Максім Багдановіч напісаў такія знакамітыя творы, як «Страцім-лебедзь» і «Пагоня».

Верш "Пагоня"

«Пагоня» — узор паэтычнае публіцыстыкі і адзін з самых тэмперамэнтных і драматычных твораў паэта. Аўтар звяртаецца да гераічных старонак беларускае мінуўшчыны, заклікае бараніць сваю Маці-Краіну. Паводле сведчаньня А. Смоліча, верш быў прачытаны паэтам упершыню ў Мінскім народным доме «Беларуская хатка» ў канцы 1916 году. Ёсць меркаванне, што і напісаны ён у Мінску.

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, —
Ўспомню Вострую Браму святую
I ваякаў па грозных канях.

Ў белай пене праносяцца коні, —
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

У бязмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі — гады.
Вы за кім у пагоню спяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

Мо яны, Беларусь, панясліся
За тваімі дзяцьмі уздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?

Бійце ў сэрцы іх — бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...

Маці родная, Маці-Краіна!
Не усцішыцца гэтакі боль...
Ты прабач, Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!..

Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

Песняры "Пагоня" ("Pahonya") 1993

Смерць паэта

У лютым 1917 года сябры паэта сабралі грошы, каб ён мог ехаць у Крым лячыцца ад сухотаў. Лячэнне не дапамагло, і ў тым жа годзе ў Ялце Максім Багдановіч памер ва ўзросце 25 гадоў.

Максіма Багдановіча пахавалі ў Ялце на трэці дзень смерці па праваслаўнаму абраду на Новых гарадскіх могілках (цяпер Старыя гарадскія могілкі).